ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ПРЭ́МІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўныя ўзнагароды за творчыя дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Устаноўлены ЦК КПБ і СМ БССР па л-ры, музыцы і мастацтве ў 1965, па журналістыцы ў 1967, па архітэктуры ў 1968, л-ры і мастацтве для дзяцей і юнацтва, у галіне навукі і тэхнікі ў 1971. Да 1992 называліся Дзярж. прэміі БССР, з 1992 — Дзярж. прэміі Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 6.5.1996. Прысуджаюцца раз у 2 гады кожны цотны год. Асобам, якія атрымалі Дзярж. прэмію, прысвойваецца званне «Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь», уручаецца дыплом, ганаровы знак лаўрэата, грашовая прэмія. У галіне навукі і тэхнікі прысуджаецца за выдатныя навук. дасягненні, якія адпавядаюць сусв. ўзроўню і садзейнічаюць развіццю гуманіт., прыродазнаўчых і тэхн. навук. Прысуджаецца 12 Дзярж. прэмій, у т. л. ў галіне гуманіт. і сац. навук — 2, прыродазнаўчых навук — 5, тэхнікі — 3 і за падручнікі — 2. У галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прысуджаюцца за таленавітыя, глыбокія па змесце і адметныя па форме творы л-ры, выяўл. мастацтва, архітэктуры, тэатр. пастаноўкі, кінафільмы, муз. творы, выканаўчае майстэрства, якія робяць значны ўклад у бел. нац. культуру, развіваюць маст. традыцыі і садзейнічаюць устанаўленню агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму, а таксама за маштабныя публікацыі ў галіне журналістыкі, даследчыя работы ў галіне літ.-знаўства і мастацтвазнаўства, тэорыі і гісторыі мастацтва. За творы паэзіі і драматургіі прысуджаецца 1 прэмія імя Я.Купалы, за творы прозы, працы ў галіне літ.-знаўства і крытыкі — 1 прэмія імя Я.Коласа, за творы л-ры і мастацтва для дзяцей і юнацтва — 1 прэмія, за працы ў маст. публіцыстыцы — 1 прэмія імя К.Каліноўскага, у галіне журналістыкі — 1 прэмія, за муз. творы і канцэртна-выканаўчую дзейнасць — 2 прэміі, за работы рэжысёраў, дырыжораў, балетмайстраў, хормайстраў, артыстаў, кампазітараў і інш. у пастаноўках тэатраў, кінастудый, на тэлебачанні і радыё — 2 прэміі, за творы жывапісу, скульптуры і інш. выяўл. мастацтва — 2 прэміі, у галіне архітэктуры — 1 прэмія, за даследаванні па тэорыі і гісторыі мастацтва і архітэктуры, а таксама падручнікі для спец. навуч. устаноў па архітэктуры і мастацтвазнаўстве — 1 прэмія.
Г.А.Маслыка.
т. 6, с. 159